РУС БЕЛ ENG CHI DEU SPA FRA

Капсулу адкрыюць на 100-годдзе Вялікай Перамогі

13.07.2023

Прадстаўнікі гімназіі №6 імя Сцяпана Дзямешкі прынялі ўдзел у міжнародным праекце «Памяць Перамогі» і ў яго рамках арганізавалі свой «У страі - заўжды, у памяці - навекі!». Педагогі і навучэнцы адшуквалі звесткі пра сваякоў, якія прайшлі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер гэта інфармацыя ў электронным варыянце змешчана ў капсуле Перамогі ў Наваполацку ў мемарыяльным комплексе «Звезда».

Капсулу адкрыюць на 100-годдзе Вялікай Перамогі
 

У ліку ініцыятараў міжнароднага праекта Савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь і маладзёжны парламент Маскоўскай Дзяржаўнай думы.

- Ён накіраваны на захаванне гістарычнай памяці і ўвекавечванне падзей Вялікай Айчыннай вайны, а таксама грамадзянска-патрыятычнае і маральнае выхаванне моладзі, - заўважыла дырэктар гімназіі №6 Анжаліка Хандзецкая. - У сучасных рэаліях гэта асабліва важна. Нам цікава было працаваць у рамках праекта. І педагогі, і дзеці яшчэ раз пагарталі гісторыі сваіх сем’яў, акунуліся ў мінулае. Многія знайшлі звесткі пра сваякоў і на тэматычных інтэрнэт-парталах. Усе матэрыялы мы аформілі і на памятным стэндзе ў нашай гімназіі.

Да слова, дзед па бацькавай лініі Анжалікі Аляксандраўны - Адам Паўлавіч Заіка - таксама прайшоў крывавымі дарогамі вайны. У складзе 213-га армейскага стралковага палка 37-й арміі ён удзельнічаў у вызваленні Украіны, Малдавіі, Балгарыі, дзе і сустрэў пераможны май 1945-га. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

 Для ўдзелу ў міжнародным праекце неабходна было напісаць пісьмо, адрасаванае будучаму пакаленню, альбо запісаць віншаванні ветэранаў, удзельнікаў баявых дзеянняў, былых вязняў і дзяцей вайны і іх сем’яў да 100-годдзя Вялікай Перамогі. Такім чынам, у аргкамітэт паступіла больш за паўтысячы пісьмаў. Гэта матэрыялы ў фота - і відэаварыянтах.

- Былі і вершы, і запаветы… Усё самае каштоўнае, што можна перадаць нашчадкам, - працягвае Анжаліка Хандзецкая. - Вельмі прыемна, што матэрыялы, сабраныя намі, таксама захаваюцца ў капсуле Перамогі.

Яе плануецца адкрыць на стагоддзе Вялікай Перамогі - 9 Мая 2045 года. А закладка адбылася ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Падзея сабрала шмат людзей: ад вучнёўскай моладзі і студэнцкіх атрадаў да ветэранаў той вайны. Таксама была пасаджана алея Перамогі.

Удзельнікі праекта з гімназіі №6 пакуль не былі ў гэтым месцы гістарычнай памяці. Але яно абавязкова з’явіцца ў іх маршрутах па родным краі.

 

Па матэрыялам Маладзечанскай газеты