РУС БЕЛ ENG CHI DEU SPA FRA

Як ушанаваць імя настаўніка назаўсёды, расказалі ў гімназіі № 6 Маладзечна

05.10.2023

З прозвішчам Сцяпана Цімафеевіча Дзямешкі, чыё імя сёння з гордасцю носіць гімназія № 6 Маладзечна, звязана цэлая эпоха ў развіцці сістэмы адукацыі Маладзечанскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сцяпан Цімафеевіч Дзямешка любіў гаварыць калегам і дзецям, што самае галоўнае — быць чалавекам і заставацца чалавечным. Сёння гэтыя словы яго былыя вучні — цяпер ужо настаўнікі — паўтара­юць сваім навучэнцам.

Мемарыяльная дошка, прысвечаная Сцяпану Цімафеевічу, была ўсталявана на будынку гімназіі ў 2002 годзе. Праз 21 год, дзякуючы калектыву ўстановы адукацыі, гімназіі было прысвоена імя яе першага дырэктара, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага настаўніка БССР, кавалера ордэна Леніна, ганаровага грамадзяніна Маладзечна Сцяпана Дзямешкі.

Сцяпан Дзямешка нарадзіўся 7 красавіка 1922 года ў вёсцы Бушмін Талачынскага раёна. Вучыцца яму заўсёды падабалася. На радзіме ён атрымаў сямігадовую адукацыю. У 1937 годзе стаў членам ЛКСМБ. У 1938-м юнак паступіў у Аршанскі чыгуначны тэхнікум, але вучобе перашкодзіла вайна. Са снежня 1942 па лістапад 1943 года Сцяпан Цімафеевіч быў разведчыкам у партызанскай брыгадзе “Навальніца”. У лістападзе 1943 года быў прызначаны інструктарам Талачынскага падпольнага райкама ЛКСМБ і стаў адным з арганізатараў падпольнага камсамольскага руху на Віцебшчыне.

З 1945 па 1951 год будучы настаўнік знаходзіўся на партыйнай савецкай рабоце. З 1951 па 1957 год Сцяпан Цімафеевіч служыў ва Узброеных Сілах СССР. Але прага да ведаў не пакідала яго, таму ў 1953 годзе малады чалавек завочна скончыў гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага (сёння — БДПУ).

У 1957 годзе Сцяпана Цімафеевіча накіравалі на партыйную работу ў Мала­дзечна. А ўжо праз два гады ён пачаў выкладаць гісторыю ў Радашковіцкай сярэдняй школе. 12 ліпеня 1960 года С.Ц.Дзямешка стаў дырэктарам новай сярэдняй школы №  6 Маладзечна.

— Сцяпан Цімафеевіч быў вельмі дасведчаным, добрым чалавекам, — успамінае першага дырэктара гімназіі № 6 бібліятэкар Ірына Шпетная. — Ён ведаў цану адказнасці, умеў працаваць з калектывам і размаўляць з дзецьмі. Каго ні спытай, як можна ахарактарызаваць Сцяпана Дзямешку, усе скажуць, што ў першую чаргу ён быў чалавечным! Паважалі яго ўсе.

Сцяпан Дзямешка атрымаў шмат узнагарод і падзяк, у тым ліку ордэн Славы III ступені (1949), ордэн Леніна (1976), ордэн Айчыннай вайны II ступені (1987), медалі “За адвагу” (1965), “Партызан Айчыннай вайны” (1950), “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945” (1946), “Выдатнік народнай асветы”(1966), “Заслужаны настаўнік Беларускай ССР” (1968), “Выдатнік асветы СССР” (1975).

Але самай важнай падзякай, непадуладнай часу, з’яўляецца добрая памяць навучэнцаў, калег і родных.

Сярэдняя школа № 6 Маладзечна была адной з першых у краіне (пасля сярэдняй школы № 64 Мінска) школ новага тыпу з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы і першай навучальнай установай у Мала­дзечне, дзе апрабоўваліся і паспяхова ўкараняліся новыя праграмы навучання і формы выхаваўчай работы.

Дзякуючы адданай рабоце настаўнікаў англійскай мовы, якія былі аднадумцамі Сцяпана Цімафеевіча, а таксама бацькам, у навучальнай установе быў створаны першы ў краіне лінгафонны кабінет англійскай мовы па чарцяжах, якія ў школу даслалі з Міністэрства асветы БССР. Зладжаная работа педагогаў прынесла свой плён: навучэнцы паспяхова авалодалі ведамі ў аб’ёме эксперыментальных праграм па замежнай мове. Далей — толькі больш.

На ўроках англійскай, нароўні з маналогамі, усё часцей гучаў дыялог, шырока ўжываліся элементы гульні, а таксама выкарыстоўваліся жыццёвыя сітуацыі, каб вучні практыкаваліся ў маўленні.

Сённяшні калектыў гімназіі № 6 адзначае, што работа іх калег не засталася незаўважанай. Аб вопыце настаўнікаў сярэдняй школы № 6 гаварылі ўсе і ўсюды, а ў школе пачалі праводзіцца абласныя семінары па абмене вопытам. У 1967 го­дзе Міністэрства асветы БССР арганізавала ў сярэдняй школе № 6 Маладзечна рэспуб­ліканскі семінар, падчас якога ўдзельнікі на свае вочы ўбачылі, як працуе першы ў краіне лінгафонны кабінет (пазней іх было некалькі).

Але і гэта яшчэ далёка не ўсе дасягненні школы. Навучальная ўстанова з’яўлялася апорнай у вобласці па ўкараненні ліпецкага метаду навучання. Таксама яна стала эксперыментальнай пляцоўкай па пераходзе на трохгадовае навучанне ў пачатковай школе. У выніку эксперымент быў прызнаны паспяховым.

— Сцяпан Цімафеевіч быў на пасадзе дырэктара з 1960 па 1992 год, — звяртае ўвагу Ірына Шпетная. — Пад яго кіраўніцтвам наша школа стала адной з узорных не толькі ў горадзе, але і ў краіне.

Пад кіраўніцтвам С.Ц.Дзямешкі школа двойчы была ўдзельніцай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. За паспяховы ўдзел у ёй калектыў установы быў узнагароджаны дыпломам III ступені, а 17 сакавіка 1976 года Сцяпан Цімафеевіч атрымаў ордэн Леніна. Дарэчы, на працягу многіх гадоў С.Ц.Дзямешка ўзначальваў дэпутацкую камісію Маладзечанскага гарсавета па адукацыі.

Нашчадкі мінулага

Сёння калектыў установы адукацыі беражліва захоўвае традыцыі, якія некалі заклаў Сцяпан Дзямешка, дапаўняючы іх новымі перамогамі і дасягненнямі. Настаўнікі гімназіі, якіх вучыў Сцяпан Цімафеевіч, стараюцца прытрымлівацца тых жа прынцыпаў у навучанні і выхаванні дзяцей, якім быў верны іх былы дырэктар.

— Калі Сцяпан Цімафеевіч працаваў у гімназіі, я вучылася ў пачатковых класах, — успамінае настаўніца гісторыі і грамадазнаўства намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вікторыя Шпетная. — Ён ніколі не павышаў голас на дзяцей, па-майстэрску валодаў словам, умеў усё данесці так, што ніколі не ўзнікала жадання аспрэчыць яго. У нас у раскладзе ў межах інавацыйнага праекта былі англійская літаратура, тэхнічны пераклад, мастацкая культура. У лінгафонных кабінетах мы спявалі пад пласцінкі, зай­маліся аўдзіраваннем. Напэўна, не было ніводнага вучня, хто не любіў бы Сцяпана Цімафеевіча. Гэта яго заслуга, што многія з тых, хто вучыўся ў школе ў мае часы, сталі настаўнікамі, у тым ліку гісторыі, і вярнуліся працаваць у родную ўстанову адукацыі.

Пра тое, хто такі Дзямешка, ведалі ўсе. Дзякуючы Сцяпану Цімафеевічу, прафесія педагога ў Маладзечне і раёне выйшла на новы ўзровень.

Настаўніца біялогіі Алена Палачаніна пасля заканчэння з чырвоным дыпломам Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага вярнулася ў Маладзечна. Калі прыйшла ўладкоўвацца на работу ў гарадскі аддзел народнай адукацыі, ёй сказалі, што ў школах месцаў няма, але параілі звярнуцца да дырэктара сярэдняй школы № 6.

— Сцяпан Цімафеевіч адразу ўзяў мяне, — дзеліцца ўспамінамі Алена Палачаніна. — Ужо 33 гады я выкладаю ў навучальнай установе, якой кіраваў вядомы Дзямешка. Гэта яго заслуга, што настаўніцтва мяне не расчаравала. Як кіраўнік Сцяпан Цімафеевіч мог зрабіць заўвагу, але гэта было без папрокаў, а цёпла і па-бацькоўску, справядліва і чалавечна. Ён аднолькава роўна ставіўся да ўсіх і кожнага. Не было і дня, каб дырэктар не абходзіў тэрыторыю школы і не аглядаў яе. Яму было важна, каб усюды быў парадак. Школа для яго заўсёды была домам, дзе можна сагрэцца сэрцам.

Гэта пацвярджае і настаўніца англійскай мовы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Кавалевіч, якая была вучаніцай Сцяпана Дзямешкі. Педагог расказвае што дырэктар перажываў за кожнага вучня:

 Сцяпан Цімафеевіч — гэта гордасць не толькі нашай гімназіі, але і ўсяго Маладзечна. Ён падтрымліваў ініцыятыву навучання дзяцей замежнай мове, але разам з гэтым вельмі любіў свой прадмет. У 10 класе ён ва ўсіх выкладаў гісторыю. Гэта нялёгкі прадмет, але, дзякуючы Сцяпану Цімафеевічу, мы яго ведалі. Падчас заняткаў педагог расказваў пра вайну, якую бачыў на ўласныя вочы, пра свае подзвігі. Да ўсіх навучэнцаў — і моцных, і слабых — ставіўся аднолькава, але любіў паўтараць: “Дапамагаць трэба слабым, моцныя праб’юцца самі”.

Па ўспамінах настаўнікаў, урокі гісторыі, якія выкладаў Дзямешка, заўсёды былі прасякнуты любоўю да свайго горада, да людзей, якія ў ім жывуць. А школа, створаная легендарным педагогам, працягвае развівацца. Яго ідэі жывуць і знахо­дзяць адлюстраванне ў штодзённай працы ўсяго калектыву, які любіць яе гэтак жа аддана, як і іх вялікі настаўнік.

— Любоў да дзяцей, высокі прафесіяналізм былі галоўнымі для Сцяпана Цімафеевіча, і ён данёс гэтую ідэю да кожнага з нас, — гаворыць Ірына Кавалевіч. — Наша гімназія будзе ісці ў нагу з часам і заўсёды адпавядаць сучасным патрабаванням, як таго і хацеў С.Ц.Дзямешка.

 

Па матэрыялам Настаўніцкай газеты